Летнік “Настаўнікі для настаўнікаў”: ад ідэі да рэалізацыі

Летнік “Настаўнікі для настаўнікаў” праводзіўся з 5 па 10 жніўня для 30 творчых і актыўных педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Тэмай летніка стаў “STEAM-падыход у адукацыйным працэсе”. Сёння STEM-адукацыя — гэта адзін з сусветных трэндаў, які набірае папулярнасць і ў нашай краіне. Абрэвіятура STEM расшыфроўваецца як Science, Technology, Engineering and Mathematics — навука, тэхналогія, інжынерыя і матэматыка. Усе дысцыплiны тут непадзельныя і вывучаюцца адначасова і ва ўзаемадзеянні. Літара “А” (Аrt) азначае мастацтва і дапаўняе названыя вышэй кірункi. STEAM-падыход у адукацыі заснаваны на выкарыстанні міждысцыплінарнага і прыкладнога падыходу, а таксама на інтэграцыі ўсіх пяці дысцыплін у адзіную схему навучання. Тэма новая і актуальная.

Арганізавала летнік каманда STEM-амбасадараў — педагогаў, якія ў снежні 2018 года атрымалі гэты статус ад Асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”. У склад каманды ўвайшлі намеснік дырэктара па інфарматызацыі прыватнай школы Stembridge Яўгенiя Гушчына, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольга Елісеева, старшы выкладчык кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Анжаліка Мешчаракова, намеснік дырэктара па рэгіянальным развіцці адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Святлана Скакун і я, Ірына Адамовіч, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 20 Барысава, кіраўнік праекта “Школьны STEM-парк”.

Адкуль ідэя летніка?

Два гады назад — напрыканцы мая 2017 года — мне, Святлане Скакун і Яўгеніі Гушчынай пашчасціла трапіць на стратэгічную сесію, якая праводзілася Асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”. Месцам правядзення была загарадная сядзіба пад Мінскам. Каля 20 чалавек удзельнікаў, фасілітатары і арганізатары гаварылі тады пра цяжкасці ў рабоце педагога, пра навыкi будучыні і перспектывы адукацыі. На гэтую сесію ў якасці спікераў былі запрошаныя лідары IT-галіны і мецэнаты Дзмітрый Гурскі і Леанід Лознер. Разам мы разважалі пра тое, якіх спецыялістаў і з якімі навыкамі павінна сёння рыхтаваць школа, каб дапамагчы Беларусі быць паспяховай і канкурэнтаздольнай дзяржавай.

Сесія доўжылася ўсяго два дні, але дала штуршок да рэалізацыі новых ідэй і праектаў, дапамагла пераасэнсаваць свае пазіцыі для большасці ўдзельнікаў, вывела на новы ўзровень сацыяльнай адказнасці. Мы вельмі многае паспелі за гэтыя два дні: паглыбіліся ў кадравыя праблемы і запыты IT-галіны, разабраліся ў сабе, знайшлі безліч новых ідэй, пазнаёміліся з калегамі, аб’ядналіся ў каманды, распрацавалі праекты…  Але гэта яшчэ не ўсё. Мы многа размаўлялі, абменьваліся думкамі, знаходзілі шмат агульнага і ў той жа час дзяліліся поглядамі на сучасныя педагагічныя тэхналогіі. У выніку такога ўзаемадзеяння і сумеснай каманднай работы адбылося яднанне людзей блізкіх па духу, зарадзілася супольнасць педагогаў, зацікаўленых у развіцці STEM/STEAM-падыходаў у адукацыі нашай краіны. Зараз, праз два гады, гэтая супольнасць прыкметна павялічылася і за кошт таго, што ў краіне адкрылася каля двух дзясяткаў STEM-цэнтраў, а група ў Facebook “STEAM-адукацыя” налічвае ўжо больш за 600 удзельнікаў. Мы з радасцю сустракаемся, дзелімся адно з адным сваім вопытам, вялікімі і маленькімі перамогамі, натхняемся новымі ідэямі і ідзём далей.

Перажыванні, натхненне і яднанне той стратэгічнай сесіі заўсёды хацелася паўтарыць, працягнуць. Ідэя летніка была агучана на ўстановачнай сесіі Асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” ў студзені 2019 года, але тады гэта была толькi iдэя. Таму мы, каго асацыяцыя назвала STEM-амбасадарамi, вырашылі рэалізаваць гэтую ідэю.

Мы пачалі пошук фінансавання: працавалі з кампаніямі, асабіста з інвестарамі. Было няпроста. Але ў выніку, дзякуючы Асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”, кампаніі Melsoft, знайшліся сродкі на пражыванне, харчаванне, павышэнне кваліфікацыі. Кіраўніцтва БПС-Ашчадбанка дало дабро на месца для правядзення летніка — базу адпачынку “Волма” па лаяльнай цане. А кампанія ЕРАМ Sistems дапамагла ў арганізацыі кава-паўз, прадаставіла канцылярыю. Нам удалося сабраць дастатковую суму і на краўдфандынгавай платформе. Гэта вельмі дапамагло ў вырашэнні дробных пытанняў. Самі ж працавалі цалкам бясплатна — так, як і нашы спікеры. Вельмі важны і цікавы факт: усе запрошаныя эксперты пагадзіліся адразу прыняць удзел у праекце.

Дык што ж гэта быў за летнік?

Мы прапанавалі настаўнікам разам разабрацца ў тым, што такое STEAM-падыход у адукацыйным працэсе і як арганізаваць праектнае навучанне. Для гэтага арганізавалі запіс на летнік праз Facebook. У выніку атрымалі шмат заявак на ўдзел: у 2 разы больш жадаючых, чым мы маглі прыняць. Правялі конкурсны адбор і запрасілі найбольш матываваных настаўнікаў.

Галоўная мэта летніка — стварэнне спрыяльнага творчага асяроддзя, накіраванага на павышэнне кваліфікацыі педагогаў па тэме “STEAM-падыход у адукацыйным працэсе”, абмен вопытам і распрацоўка сацыяльна значных адукацыйных праектаў.

Збіраючы ўсіх разам, мы паставілі перад сабой наступныя задачы: пазнаёміць настаўнікаў з тэндэнцыямі і выклікамі ў адукацыі ХХI стагоддзя (з прыцягненнем спікераў і спецыялістаў з IT-галіны, адукацыйных STEM-цэнтраў); стварыць умовы для знаёмства актыўных педагогаў Беларусі і развіцця супольнасці актыўных і таленавітых настаўнікаў краіны; уцягнуць педагогаў у генерацыю ідэй для вырашэння актуальных праблем сучаснай адукацыі і стварэння сацыяльна значных праектаў; на аснове распрацаваных матэрыялаў апублікаваць анлайн-зборнік матэрыялаў па выніках летніка.

Як праходзіў летнік?

Першы дзень, панядзелак, — дзень знаёмстваў, дзень прэзентацыі вопыту, з якім прыехалі педагогі. І паглыблення ў тэму летніка. А прэзентацыя “Праектнае навучанне” ад Мікалая Іванавіча Запрудскага, прафесара кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, была тым яркім пачаткам, ад якога ўсе мы і адштурхнуліся.

Аўторак. Генерацыя ідэй. Вельмі важны іншы погляд, таму мы запрасілі спікераў не з сістэмы адукацыі, але ўскосна звязаных з ёй. Аляксандр Хоміч, дырэктар асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”, распавёў пра метады кіравання праектамі і пра тыя кампетэнцыі, якімі павінны валодаць спецыялісты IT-галіны. А Дзмітрый Арэхаў (Software Engineering Team Leader у EPAM) запрасіў далучыцца да абмеркавання тэмы “Навучанне дзяцей у EPAM: забаўка або нешта большае?”. Дзмітрый апісаў ініцыятыву E-Kids, расказаў пра тое, як у EPAM ён і яго калегі вучаць дзяцей праграмаванню, матэматыцы, логіцы, што для гэтага выкарыстоўваюць, як дзеці гэта ўспрымаюць і чаму заняткі праходзяць паспяхова.

Вынік дня: самастойна сфарміраваны каманды; выбрана тэма праекта, план яго рэалізацыі; вызначаны від прадукту, які атрымліваем у выніку (артыкул, кейс, парады, метадычныя рэкамендацыі, схема, канцэпт, праграма і інш.). Тут жа прыём, які спадабаўся ўсім: прэзентацыя ідэі праекта па прапанаваных пунктах і пытанні ад гледачоў, фасілітатараў і спікераў, на якія не трэба было адказваць, а якія трэба было запіс­ваць, каб потым паглыбіцца ў распрацоўку вырашэння выбранай праблемы. Увечары — адукацыйныя настольныя гульні.

Серада. Сярэдзіна шляху. Работа над праектамі, ментарскія сесіі ад запрошаных гасцей. Вялікі блок па геймiфiкацыi ў адукацыі ад Алены Локцевай.

Чацвер. Завяршэнне і падрыхтоўка да прэзентацыі праектаў. Спікер Ганна Бандарэнка, прафесіянал у сферы міжнароднага кіравання персаналам, кансультант па развіцці напрамку Diversity & Inclusion у арганізацыях, кансультант па развіцці кар’еры, правяла матывацыйны воркшоп #IamRemarkable і прэзентавала перакла­дзены ёй зборнік “Як закрыць гендарны разрыў у STEM. Даследаванне Microsoft”. Увечары — прафарыентацыйная тэма ад Ганны Ісаенка і вялікая гульня па прафесіях будучыні.

Пятніца. Прэзентацыя праектаў. Падвя­дзенне вынікаў летніка. І выдатны спікер Валянціна Чакан, сузаснавальніца і дырэктар па вучэбнай рабоце IT Princess Academy, спікер-коўч праекта TEDx Niamiha, выкладчык, бізнес-кансультант і ментар, расказала пра мастацтва самапрэзентацыі.

Некалькі тэм праектаў, якія ўдзельнікі летніка плануюць рэалізаваць у найбліжэй­шай будучыні: адкрыты анлайн-курс на платформе stepik.org “Уводзіны настаўніка ў STEM”, сучасны канцэпт і змест праграмы па інфарматыцы, рабочыя лісты для гуртка па займальных навуковых даследаваннях для 4—6 класа.

Вынік. Мы змаглі вытрымаць галоўныя напрамкі летніка: абмен вопытам, работу над праектам, новыя ідэі і матывацыю ад запрошаных спікераў. Мы заўважылі, што настаўнікі больш праяўляюць ініцыятыву, актыўней удзельнічаюць у развіцці педагагічнай супольнасці, смялей бяруць адказнасць на сябе і самі бяруцца за рэалізацыю праектаў і арганізацыю мерапрыемстваў для калег. Гэта выдатна: ліквідуе фармалізм і дазваляе рабіць менавіта тое, што сугучна з часам, актуальна і адпавядае асабiстым запытам i запытам калег, выклікам сучаснасці.

На будучыню

Першае. Не — фармалізму. У мяне ёсць такія прыклады, калі курсы павышэння кваліфікацыі маюць фармальны характар. Іх арганізоўваюць, таму што яны ўнесены ў план курсавой падрыхтоўкі інстытутаў развіцця адукацыі. А настаўнікі часам на павышэнне кваліфікацыі едуць, таму што падышоў час, а не таму што іх вельмі цікавіць заяўленая тэма. У нашым выпадку ў летніку прынялі ўдзел сапраўды матываваныя настаўнікі, якія самі хацелі вучыцца, якіх цікавіла заяўленая тэма i якія былі гатовы дзяліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі. Актуальныя тэмы і зацікаўленыя настаўнікі ствараюць асаблівую прастору для творчасці і прафесійнага росту педагогаў. Зусім іншы дух мерапрыемства.

Другое. Дзейсны падыход. Мы цяпер шмат гаворым пра тое, што навучэнец дрэнна ўспрымае традыцыйныя ўрокі, тыя ўрокі, у якіх настаўнік займае пазіцыю транслятара ведаў. Важна ствараць умовы, у якіх навучэнец сам шукае і стварае новыя веды пры суправаджэнні настаўніка. Але ж гэта можна аднесці і да сучаснага настаўніка: цяжка доўга ўспрымаць лектара, хочацца нешта рабіць самому, генерыраваць ідэі і атрымліваць рэальны карысны вынік і адчуваць ад гэтага натхненне, задаволенасць і запатрабаванасць. Асабісты ўдзел кожнага — гэта вельмі важна.

Трэцяе. Камандная работа. Пры рабоце ў камандзе ў настаўнікаў адбываецца не толькі генерацыя ідэй, абмен думкамi, але і больш блізкае знаёмства адно з адным, пазнаванне інтарэсаў кожнага, асабісты кантакт. З’яўляецца магчымасць праявіць сябе, пачуць меркаванне калегі на пытанне, якое цікавіць. Калі меркаванні сустракаюцца — і ўсё роўна пры гэтым адрозніваюцца яны ці супадаюць, — адбываюцца новыя адкрыцці. Гэта можа быць пацвярджэнне таго, што ты на правільным шляху і ўсё рабіў правільна. Або зусім нечаканы пункт гледжання калегі прымушае цябе паглядзець на звычайнае пытанне зусім з іншай пазіцыі. У такой атмасферы абавязкова адбываецца нара­джэнне чагосьці такога, да чаго кожны паасобку і не дадумаўся б. Камандная работа настаўнікаў — гэта і магчымасць пазнаёміцца бліжэй, даведацца, чым жыве калектыў калегі, як вырашаюцца праблемы і пастаўленыя задачы ў іншым горадзе, пасёлку, у іншай вобласці. Гэта дазваляе зразумець, што ты не адзін і ёсць шмат людзей, якія думаюць гэтак жа, вырашаюць такія ж задачы, быць можа, больш ці менш паспяхова. Усё гэта дазваляе адчуць сябе важнай часцінкай чагосьці агульнага, цэлага, зразумелага і блізкага. Гэтае пачуццё прыналежнасці робіць настаўніцкую супольнасць мацнейшай, аб’ядноўвае, фарміруе і развівае.

Чацвёртае. Вынік. Прынята, што заканчэнне павышэння кваліфікацыі часта мае на ўвазе напісанне выпускной работы. Гэтая работа, як правіла, пішацца спехам і часта ўяўляе сабой набор інфармацыі, запазычанай з інтэрнэту, або асабісты педагагічны вопыт, які быў ужо недзе напісаны і прадстаўлены (садзіцца і афармляць работу зноўку проста няма калі). У самым лепшым выпадку гэты вопыт можа потым трансфармавацца ў артыкул у якім-небудзь педагагічным выданні. З майго пункту гледжання, на курсах павышэння кваліфікацыі лепш рабіць карысныя, патрэбныя праекты, ствараючы іх у камандзе. Патрэбныя праекты са зразумелым, актуальным і запатрабаваным канчатковым прадуктам.

Пятае. Разважаю пра ментарства. Здаецца, у нас ёсць настаўніцтва (па сутнасці, тое ж ментарства) над маладымі педагогамі, толькі яно не заўсёды працуе, і не заўсёды гэта шчыра і рэальна, часцей паперкі-адпіскі-справаздачы. Праект летнік “Настаўнікі для настаўнікаў” быў зусім новай справай для нашай каманды арганізатараў — STEM-амбасадараў. Але рэалізаваны ён быў дзякуючы ментарскай падтрымцы Алены Мельчанка, якая вучыла нас працаваць у камандзе, планаваць дзейнасць, знаходзіць шляхі для вырашэння часам, здавалася б, невырашальных пытанняў, дапамагала не страчваць веру ва ўласныя сілы, матывавала.

І апошняе. Удзельнікі летніка раз’ехаліся па дамах і хутка прыйдуць у свае школы, каб уключыцца ў вучэбны працэс. Але мы, арганізатары летніка, вельмі спадзяёмся на тое, што з імі застанецца наш дух, пачуццё прыналежнасці да важнай агульнай справы, адчуванне сябе часткай педагагічнай супольнасці. Гэта павінна надаць значнасці і сіл у педагагічнай працы, натхніць на рэалізацыю новых ідэй і праектаў. Мы, арганізатары летніка, будзем толькі рады, калі гэта дапаможа аб’яднаць і далучыць да нашых шэрагаў новых педагогаў, лідараў і настаўнікаў-прафесіяналаў, дасць новы штуршок да развіцця педагагічнай супольнасці настаўнікаў Беларусі.

Ірына АДАМОВІЧ,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 20 Барысава.